MARCO POLO -  МАРКА ПОЛА

(1254-1324)

«…ні хрысціянін ці паганец, сарацын ці татарын, ніводзін чалавек ніводнага пакалення не бачыў і не шукаў столькі цудаў на свеце як месэр Марка Пола». [з кнігі “Мільён”]

Марка Пола нарадзіўся ў 1254 г. у Венецыі, у сям’і заможных купцоў, якая паходзіла з гор.Шыбеніка ў Далмацыі. У тыя самыя гады (дакладная дата невядома) ягоны бацька Нікало і дзядзька Матэа адпраўляюцца ў гандлёвае  падарожжа на Ўсход, спачатку спыняючыся ў сталіцы Ўсходняй Рымскай імперыі Канстанцінопалі, а затым у г.Салдая, у Крыме, дзе прыблізна ў 1280 г. старэйшы брат Марка разам з Матэа і Нікало пачынаюць сваю гандлёвую справу.

Між іншым у сваім падарожжы браты Пола дабіраюцца да двара Кубілая, заваёўніка і аб’яднальніка Кітая, самага вядомага нашчадка Чынгіс-хана, і ў час першага побыту ва ўсходніх землях атрымліваюць шматлікія прывілеі і, магчыма, нават мангольскія шляхецкія тытулы.

У 1269 г.бацька з дзядзькам вяртаюцца ў Венецыю, а праз чатыры гады, у 1271 г., яшчэ зусім маладым, Марка разам з імі адпраўляецца ў Кітай, дзе застанецца на 25 гадоў. У 1275 г. Пола зноў прыязджаюць да двара Кубілая. Тут, пасля ўдала выкананага даручэння імператара, які прасіў яго наведаць з “інспекцыяй” вобласці на граніцы з Тыбетам і Юн-нан, Марка атрымоўвае тытул “месэра”, назначаецца ўласным амбасадарам імператара пры ўсіх народах імперыі. Менавіта з гэтым тытулам ён і будзе згаданы ў “Кнізе аб разнастайнасці свету” (“Il Milione”).

Падчас свайго жыцця пры мангольскім двары, выконваючы розныя даручэнні Вялікага Хана, Пола займаецца адміністратыўнымі справамі, ездзіць у розныя канцы імперыі і ў іншыя краіны з далікатнымі і працяглымі місіямі. У 1278 г. становіцца губернатарам былой сталіцы каралеўства Манджы Ханг-чу.

У 1292 г. сям’я Пола з порта Дзайтун адпраўляецца назад у Італію. Падарожжа працягнецца цэлыя тры гады, да 1295, а праз некаторы час, у той жа год, Марка трапляе ў палон да генуэзцаў, якія ўвесь час вядуць марскія баталіі з Венецыяй. І менавіта ў гады палону – у 1298-99, – у генуэзскай турме Марка Пола дыктуе свайго рода справаздачу аб уласных падарожжах – кнігу пад назвай “Le Divisament dou monde” – такому ж вязню, як і сам, Рустыкела да Піза. Напісаная першапачаткова на франка-італьянскай мове (у Венецыі таго часу адчуваўся моцны ўплыў французскай культуры і мовы), кніга неўзабаве стане вядомай пад назвай “Мільён” – па мянушцы, якую меў увесь род Пола (якая, у сваю чаргу, паходзіла ад імя аднаго з продкаў – Эмільёнэ).

У 1299 г., пасля заключэння міру паміж венецыянцамі і генуэзцамі, Пола вяртаецца ў Венецыю, дзе возьме сабе ў жонкі Данату (верагодна, з сям’і Ларэдана), ад якой у яго будзе тры дачкі.

Да канца жыцця венецыянскі падарожнік, разам з дзядзькам Матэа, будзе займацца гандлем і рознымі справамі сям’і, але галоўнай яго справай будзе распаўсюджванне ўласнай кнігі. Вядома, что ў 1307 г. адну копію ён перадаў Цібо дэ Сэпуа, каб той адвёз яе Карлу Валуа, брату французскага караля Філіпа Прыгожага. Акрамя Валуа, набываюць сабе копіі “Мільёна” інфант Партугальскі дон Пэдра і шматлікія шляхетныя сем’і і прынцы. Кніга хутка будзе перакладзена на італьянскую мову нават у некалькіх варыянтах, і ўжо на пачатку 14 стагоддзя будзе мець значны поспех у тагачасных чытачоў, якія верылі ў апісаныя "цуды" і легенды.

Нягледзячы на тое, што яшчэ і сёння кніга М.Пола ўспрыймаецца як "кніга цудаў", у рэчаіснасці гэта быў першы прыклад навуковай прозы ці, кажучы словамі аўтара, "карысная кніга", якая магла даць чытачу дакладныя і падрабязныя звесткі аб геаграфіі, эканоміцы, норавах і паводзінах амаль што зусім невядомых краін і народаў. Гэты аўтарскі намер адчуваецца і ў стылістыцы твору, якая ўжывае простую лексіку, амаль што без прыметнікаў, для таго каб абмежавацца толькі "навуковым" апісаннем таго, што - паколькі было невядома - ўяўлялася чытачамі як дзіўнае і цудоўнае.

19 студзеня 1324 г. Марка падпісаў свой тэстамент, з якога відаць, што не было ў яго тых казачных багаццяў, якія звучайна яму прыпісвалі. Пацвярджэннем таму - сціплы будынак, у якім жыла сям’я і які сёння вядомы як Corte de Milion.

“Шляхетны пан Маркус Пауло Мільёні” – так названы знакаміты вандроўнік у адным дакуменце 1305 г. – памёр у Венецыі ў 1324 г.

Рустыкела да Піза, акрамя таго што запісаў “Кнігу месэра Марка Пола, грамадзяніна Венецыі, празванага Мільён, дзе апісаны цуды свету” (“Le Livre de messer Marco Polo citoyen de Venise, appele Milion, ou sont decrites les merveilles du monde”), вядомы таксама як перакладчык на італьянскую мову раманаў брэтонскага цыкла. На франка-італьянскай мове Рустыкела да Піза напісаў раман “Меліадус” (“Meliadus”), па імені бацькі Трыстана.

© С.В.Логіш


- Il Milione / Мільён (Кніга аб разнастайнасці свету)

 


Літаратура:

Харт Г. Венецианец Марко Поло. - М.: Терра-Книжный клуб, 1999. - 304 с. - (Портреты)

 


© Belpaese2000, 10.2001

 


Белорусский поисковый каталог



 



Hosted by uCoz