Вядомая
сучасная італьянская
пісьменніца, самая знакамітая
пісьменніца-феміністка Італіі,
творы якой перакладюцца ва ўсім
свеце. Нарадзілася ў Фларэнцыі.
Маці яе паходзіла са
старадаўняга сіцылійскага роду і
займалася жывапісам, а бацька быў
напалову англічанінам і
знакамітым этнолагам. Дзяцінства
будучай пісьменніцы не было
шчаслівым: разам з бацькам, які
хацеў пакінуць фашысцкую Італію,
яна апынулася ў Японіі (1938-47), дзе
ён працаваў, і некалькі год
павінна была правесці ў лагеры
для інтэрніраваных асоб (1943-46).
Пісьменніца
падзяліла сваю літаратурную
кар'еру на тры асноўныя перыяды: у
першым літартурная творчасць
памагла ёй пераадолець
адчужэнне, якое яна адчувала
пасля цяжкіх гадоў вайны, праз
апісанне і аналіз жыцця іншых
жанчын, якія становяцца
галоўнымі персанажамі яе твораў;
у другім перыядзе, маючы ўжо
літаратурны вопыт, пісьменніца
пачынае выказваць уласную
ідэалогію і падтрымліваць
палітычныя і сацыяльныя змены ў
грамадстве, асабліва ў адносінах
да жанчыны; трэці перыяд, у якім
яна знаходзіцца і зараз, - гэта,
паводле яе ўласных слоў, спроба
барацьбы з некаторымі
кансерватыўнымі ідэалагічнымі
пастулатамі з дапамогай
рэчаіснасці.
Вярнуўшыся
ў 50-я гады ў Італію, у Рым, яна
працягвае сваю адукацыю,
знаёміцца з многімі вядомымі
пісьменнікамі і ўдзельнічае ў
розных мерапрыемствах, звязаных
з літаратурай: разам з іншымі
пачынаючымі літаратарамі
займаецца выданнем
літаратурнага часопіса
"Літаратурны час" (1956), які
выходзіў у Неапалі, пачынае
супрацоўнічаць з часопісамі
"Новыя аргументы" ("Nuovi
Argomenti") і "Свет" ("Mondo").
Менавіта ў гэты час выходзяць яе
першыя апавяданні. У Рыме Мараіні
знаёміцца з А.Маравія, які ў 1962 г.
пакідае сваю жонку Эльзу Марантэ,
каб звязаць сваё жыццё з Мараіні.
У той самы год выдае свой першы
раман "Водпуск" ("La vacanza"),
у наступным годзе - "Час
непакою" ("L'eta del malessere"),
за які пісьменніца атрымоўвае
прэстыжную літаратурную прэмію.
У 1968 г. выходзіць раман "Мой
муж" ("Mio marito"), пазней -
зборнікі апавяданняў, яшчэ сем
раманаў, па двум з якіх былі зняты
фільмы. У 1985 г. Мараіні атрымоўвае
прэмію "Фрэджэнэ" за раман
"Ізаліна" ("Isolina"), у
1990 - прэмію "Камп'ела" за
гістарычны раман "Доўгае жыццё
Марыяны Укрыі" ("La lunga vita di
Marianna Ucria"), у 1999 - самую
прэстыжную ў Італіі літаратурную
прэмію "Стрэга" за кнігу
апавяданняў "Цемра" ("Il
buio"). Апошні на гэты час
раман Мараіні - "Карабель да
Кабэ" ("La nave su Kobe")(12.2001),
у аснове якога - успаміны аб жыцці
ў Японіі.
Яшчэ ў
60-я гады Мараіні пачынае
цікавіцца тэатрам, засноўваючы,
разам з іншымі пісьменнікамі,
"Тэатр дзікабраза" ( Teatro del
Porcospino), на сцэне якога ставяцца
новыя творы толькі італьянскіх
аўтараў (Г.Парызэ, К.Э.Гадды,
А.Маравія і інш.). У 1973 г.
становіцца адным з
заснавальнікаў "Тэатра
Магдаліны" ( Teatro della Maddalena), якім
кіравалі толькі жанчыны і дзе
было пастаўлена некалькі п'ес
Мараіні (адзін з буўнейшых
поспехаў - "Дыялог прастытуткі
з адным са сваіх кліентаў", -
тэкст, які адразу ж быў
перакладзены на англійскую і
французскую мовы і праўшоў ў
тэатрах 12 краінаў). З іншых
тэатральных твораў Мараіні варта
згадаць п'есы "Звычайная
сям'я" ("La famiglia normale") e
"Шантаж у тэатры" (" Il ricatto a
teatro"), "Венера" (" Venere"),
"Хай жыве Італія" ("Viva l'Italia"),
"Дасканалая жанчына" (" La
donna perfetta"), "Мары
Кліцемнестры" (" I sogni di
Clitennestra"). З 1967 г. па сённяшні
дзень Мараіні напісала больш за 30
тэатральных твораў, многія з якіх
пастаўлены ў тэатрах Еўропы і
Амерыкі. Ёй належаць і шматлікія
крытычныя артыкулы, паэтычныя
творы.
Сёння
Дача Мараіні - адзін з самых
пладавітых літаратурных аўтараў,
удзельніца шматлікіх культурных
і свецкіх мерапрыемстваў. Шмат
вандруе па свеце, бярэ ўдзел у
навуковых канферэнцыях,
спатканнях з чытачамі,
прысутнічае на прэм'ерах сваіх
твораў. Жыве ў Рыме.
На беларускую мову
творы Д.Мараіні не перакладаліся.
- La vacanza /
Водпуск (1962)
- L'eta di malessere / Час непакою (1963)
- A memoria / На памяць (1967)
- Mio marito / Мой муж (1968)
- Donna in guerra / Жанчына на вайне (1975)
- Dialogo di una prostituta con un suo cliente /
Дыялог прастытуткі з адным са
сваіх кліентаў (1978)
- Storia di Piera / Гісторыя П'еры (1980)
- Il treno per Helsinki / Цягнік на
Хельсінкі (1984)
- La lunga vita di Marianna Ucria
/ Доўгае жыццё Марыяны Укрыі (1990)
(.zip)
- Viaggiando con passo di volpe/ Ідучы крокам
лісіцы (1991)
- Veronica, meretrice e scrittora/ Вероніка,
прастытутка і пісьменніца (1991)
- Bagheria / (1982)
- Voci / Галасы (1994)
- Un cladestino a bordo / Безбілетнік на
борце (1996)
- Dolce per se / (1997) Салодкі для сябе
- Se amando troppo / Кахаючы надта (1998)
- Buio / Цемра (1999)
- La nave per Kobe / Карабель на Кабэ
(2001)