LUIGI PULCI  - ЛУІДЖЫ ПУЛЬЧЫ

(1432-1484)


Адзін з самых цікавых аўтараў, якія пісалі на народнай (італьянскай) мове ў 15 ст., Л.Пульчы нарадзіўся ў Фларэнцыі ў 1432 г. і належаў да шляхецкай, але на той час збяднелай сям’і.

Зусім яшчэ маладым 19-галовым юнаком у 1451 г., адразу пасля смерці бацькі, разам з братамі Пульчы вымушаны выплочваць яго даўгі і паступае на службу да багатага гандляра. Праз дзесяць год яго прыймае на службу  сям’я Медычы. Паэт становіцца сваім у палаццы Медычы на вія Ларга, асабліва яго цэніць маці Ларэнца Лукрэцыя Торнабуоні, а для самога Ларэнца Цудоўнага ён блізкі сябра. У той жа час Пульчы становіцца адной з самых цікавых фігур у гуртку інтэлектуалаў, якія аб’ядналіся вакол некаранаванага гаспадара Фларэнцыі, у знакамітай “Платонаўскай акадэміі”, дзякуючы свайму неардынарнаму характару і літаратурным творам, блізкім да народнай традыцыі і мовы.

Па даручэнню Ларэнца Пульчы выконвае шматлікія місіі ў іншыя гарады Італіі і становіцца паважаным і ўплывовым чалавекам пры двары Медычы. У гэты ж час пад уплывам яго таленту знаходзіцца і сам Ларэнца, - некаторыя творы пішуцца нават разам, нават разгортваюцца паэтычныя спаборніцтвы, як былыя тэнцоны ў часы Дантэ.

Аднак пасля 1471 г. прэстыж Пульчы як пісьменніка і інтэлектуала пачынае зніжацца. – ён занадта непадобны да іншых філосафаў, мастакоў, літаратараў. Не падабаецца больш яго экспрэсіяністычны стыль, багатая творчая фантазія разыходзіцца з ідэямі неаплатанічнай філасофіі Марсіліа Фічына, якая распаўсюджваецца ў гэтым асяроддзі і здаецца больш вытанчанай для самога Ларэнца Медычы. У 1473 г. паэт пераходзіць на службу да князя Сансеверына, ваеннага капітана, з якім ездзіў па ўсёй Італіі. Спробы вярнуць былыя адносіны сям’і Медычы аказаліся няўдалымі, - больш таго, Пульчы быў абвінавачаны ў магіі і ерасі. Падчас алной з вандровак, у лістападзе 1484 г., ён і памер у Падуі і быў пахаваны як ератыка па-за сценамі могілкаў.

Найбольш значным творам Луіджы Пульчы з’яўляецца аб’ёмная паэма “Маргант” (Il Morgante), напісаная актавамі на замову Лукрэцыі Торнабуоні. Яна была скончана яшчэ да 1470 г. і першапачаткова ўключала 23 песні,- менавіта такім было першае выданне. У 1478 г. выходзіць другое, канчатковае выданне твора, якое складаецца з 28 песень. Пульчы стварае пародыю на эпічныя рыцарскія паэмы,  але тым самым і працягвае развіваць рыцарскую тэматыку ў італьянскай паэзіі. Адна з найбольш значных асаблівасцей твора – гэта яго мова, ў якой ужываюцца разам словы самага рознага паходжання, у тым ліку экспрэсіўная дыялектная лексіка. Галоўны герой твора – дабрадушны велікан Маргант, які ўдзельнічае ў знакамітым паходзе Карла Вялікага разам з Раландам.

З іншых твораў Луіджы Пульчы варта нагадаць паэму са 160 станцаў “Турнір Ларэнца” (La giostra di Lorenzo), “Маленькі слоўнік махлярскай мовы” (Vocabolarietto di lingua furbesca) і багаты эпісталярый.

© С.В.Логіш, 11.2001


Opere / Творы

- Il Morgante / Маргант

 


© Belpaese 2000, 11.2001


Белорусский поисковый каталог

Hosted by uCoz