БІБЛІЯТЭКА ІТАЛЬЯНСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
BIBLIO ITALIA
LIBRERIA / КНІГАРНЯ
Новыя кнігі, якія вы можаце набыць
Агляд ад 1 чэрвеня 2001 г.
Найбольшы выбар кніг італьянскай літаратуры, які. да таго ж, даволі рэгулярна абнаўляецца, можна знайсці ў кніжным кіёску Палаца мастацтваў (вул. Казлова, 3, першы паверх). Зараз там прадаюцца:
- Ландольфи Т. Жена
Гоголя и другие истории. Избранное.-
М.: Аграф, 1999.
- Кальвино И. Если однажды зимней
ночью путник...- СПБ.: Симпозиум, 2000.
- Пазолини П.П. Теорема: сценарии,
роман, повесть, рассказы, статьи,
эссе, интервью. - М.: Ладомир, 2000.
- Арган Дж.К. История итальянского
искусства.
- Леопарди Дж. Морально-философские
произведения.
У іншых кнігарнях горада зараз можна набыць таксама:
- Леопарди Дж. Стих
итальянский напоен слезами.
Стихотворения. - М.: Летопись, 1998.
- Итальянская поэзия в переводах
Е.Солоновича. - М.: Радуга, 2000.
- Пиранделло Л. Живая и мертвая.
Новеллы.
- Барикко А. Море-океан. (приложение
к журналу "Иностранная
литература")
- Барикко А. Шелк. (idem).
У кнігарні "Падпісныя выданні" (прасп. Ф.Скарыны), пакуль што адзіным месцы ў Мінску, вы зможаце таксама заказаць кнігі на мове арыгіналу (выбар, на жаль, небагаты).
Найбольшую цікавасць у італьянскіх чытачоў у апошнія месяцы выклікалі новыя творы знаёмых аўтараў: Умбэрта Эка, Сузаны Тамаро, Антоніа Табукі. Эка і Табукі ўжо знаёмы рускамоўнаму чытачу, а даволі маладая пісьменніца Сузана Тамаро (1957), калі не перакладзена яшчэ па-руску (бо да нас інфармацыя магла і не дайсці), застаецца пэўным чынам terra incognita, хоць і перакладзена ўжо на асноўныя мовы свету.
Паспрабуем пагартаць некаторыя старонкі новых кніг.
Яшчэ ў лістападзе мінулага года выйшаў чацвёрты раман знакамітага Умбэрта Эка, аднаго з "бацькоў" еўрапейскага постмадэрнізма ў літаратуры, - трэба зазначыць, з амаль што прадказальнай храналагічнай пунктуальнасцю: "Імя ружы", першы раман Эка, які адразу ж стаў бестселерам і т.д., з'явіўся ў 1980-м, другі, "Маятнік Фуко", - у 88-м; трэці, "Востраў напярэдадні", - у кастрычніку 94-га, - таму і зараз, як раз праз шэсць год, мусіць, ужо нават трэба было чакаць новага дзіцяці мэтра-семіётыка, аднаго з самых выбітных еўрапейскіх інтэлектуалаў, які колькі год ужо дзеліць сваё жыццё паміж еўрапейскімі сталіцамі (апошнім часам гэта Парыж) і Балонняй, куды час ад часу прыязджае чытаць лекцыі ва ўніверсітэце.
Калі ёсць на свеце мастакі, што ўсё жыццё малююць твар адной жанчыны альбо тую ж самую бутэльку, дык чаму ж папракаць Умбэрта Эка, што ён яшчэ раз вярнуўся ў Сярэднявечча? На гэты раз, аднак, трохі глыбей, чым у рамане "Імя ружы". Герой рамана Баўдаліна, непрыкметны селянін з галоты дзесьці ў наваколіцы роднага горада Эка Алесандрыі, летуценнік і ілгун, без асаблівых намаганняў аказваецца ўсынаўлёным самім імператарам Фрыдрыхам Барбаросай, удзельнічае ў розных гістарычных падзеях і прыгодах, у якіх чаргуюцца з барочнай лёгкасцю бітвы, рэлігіёзныя рытуалы, гвалт, сэкс, і ў нейкі момант чытач перастае верыць нават таму, что ў гісторыі адбылося на самой справе. Напрыканцы даведаемся, што менавіта Баўдаліна заснаваў горад Алесандрыю, што ён падрабіў добрую частку заходнееўрапейскай літаратуры, ён яшчэ і аўтар лістоў Абеляра да Элаізы і наадварот. |
Цікава, але навокал ніхто не абураецца, нават дапамагаюць ў выбітных імпрэзах герою. Кажуць, што хлуслівая ідэя не заўсёды самая горшая, і - як сцвярджаецца ў рамане - Богу таксама калі-нікалі хочацца верыць у нас. Альбо, як казаў адзін з персанажаў "Маятніка Фуко", слушныя рэчы могуць рабіцца і на няправільных падставах.
Адным
словам, зноў гульня з чытачом,
падман, дэперсаналізацыя аўтара
(трэба, аднак, зазначыць, што ў адным
з інтэрв'ю пасля выхаду рамана Эка
заявіў: "Баўдаліна - гэта я") і
іншыя постмадэрнісцкія цацкі. І,
мусіць, год праз шэсць
маятнік-бусел зноў праплыве над
намі-чытачамі. Будзем
спадзявацца, бо пакуль што цікава.
(для тых,
хто чытае па-італьянску, урывак з рамана
"Баўдаліна")
У
канцы студзеня 2001 г. выйшла новая
кніга Сузаны Тамаро. Пасля
знакамітых "Ідзі, куды вядзе цябе
сэрца" і "Anima mundi" маладая
пісьменніца (як кажуць,
"унучка" майстра
псіхааналітычнай прозы Італа
Звева) не перастала звяртацца да
тых самых філасофскіх пытанняў,
якія галоўнай тэмай праходзяць
праз яе папярэднія кнігі: сэнс
чалавечага жыцця, усведамленне
ўласнага месца на зямлі, дабро і
зло... "Адкажы мне" - гэта тры
аповесці, тры гісторыі пра
бязлітаснасць сённяшніх чалавечых
адносін, паўсядзённым насіллі, якое
адбываецца не ў Афрыцы ці на Косаву,
а ў прыстойнай і заможнай Італіі. У
першай ("Адкажы мне") - гісторыя
дзяўчыны-падлетка, якая пасля
смерці маці апынулася ў сям'і
сваякоў і адчула сябе амаль адразу
чужой, жорсткасць адносін
паступова становіцца нянавісцю.
Знешні свет таксама прыносіць
толькі насілле. Толькі белы сабака,
якога дзяўчына сустрэне на дарозе,
калі апынецца нікому не патрэбнай,
падаецца адзінай істотай, якая не
здрадзіць... Быццам нейкі
звышнатуральны сімвал, - і адзіны
вобраз, які аб'ядноўвае ўсе тры
аповесці. Другая ("Пекла не
існуе") - гісторыя драматычных
адносін у прыстойнай знешне сям'і,
дзе муж робіць невыносным жыццё
жонкі і дзяцей, пакуль усё не
скончыццам трагічным фіналам.
Трэцяя ("Лес, ахоплены
полымем") - маналог чалавека, які,
ад бессэнсоўнай рэўнасці забіў
жонку.
Крытыка знаходзіць рэлігійныя
матывы ў новай кнізе Тамаро. Тое
самае пекла, якое існуе ў кожным з
нас, - вось, здаецца, асноўная тэма
твора. І толькі вера можа стаць
адказам на насілле і на адчай.
Антоніа
Табукі вядомы ў еўрапейскім
літаратурным асяроддзі як
спецыяліст па гісторыі і
культуры Партугаліі. Асноўныя
творы яго пісьменніцкай
творчасці таксама прысвечаны
гэтай краіне, яе культуры, яе
персанажам (варта прыгадаць
раманы 1994 г. "Лічыць
Перэйра" і 1997 г. "Страчаная
галава Дамашэна Перэйры"). На
гэты раз - нешта іншае. Два
месяцы назад у кнігарнях
Італіі з'явілася новая кніга
прафесара партугальскай
літаратуры Сіенскага
ўніверсітэта: "Становіцца
ўсё пазней. Раман у форме
лістоў". "Аднак можа здарыцца, што сэнс чыйго-небудзь жыцця - менавіта той самы, бессэнсоўны, у пошуках знікшых галасоў, і можа, аднойчы паверыць у тое, што яны знойдзены, - аднойчы, калі ўжо і не чакаў, як-небудзь вечарам, стомлены і састарэлы, - і зайграе пад месяцам, і будзе збіраць усе галасы, што выходзяць з пяску..." |
Раман у
лістах - гэта 18 лістоў аб каханні,
напісаных рознымі персанажамі.
Лісты аб каханні - і адначасова аб
адзіноце, аб "далёкім" каханні,
якое, можа, напалову ўяўнае.
"Памяць згадвае пражытае, яна
дакладная, бязлітасная, але нічога
новага не стварае,- і ў гэтым яе
мяжа. А ўяўленне не можа нічога
згадаць, таму што не можа памятаць, -
і яго мяжа ў гэтым. Аднак наўзамен
стварае штосьці новае, нешта, чаго
раней не было, не было ніколі..."
Адмысловы жанр рамана ў лістах дае
аўтару магчымасць шырока
выкарыстоўваць літаратурныя
алюзіі, цытаты, урыўкі песень,
стылістыку і мову розных узроўняў.
Карацей кажучы, тое, што недзе
называлася лірычна-філасофскай
прозай.
С.В.Логіш, па матэрыялах італьянскага друку
© S.Loguich, 1.06.2001